Амерыканская тэлезорка Элен Дэджэнэрэс упершыню паказалася на публіцы пасля пераезду ў Вялікабрытанію і заявіла, што вырашыла пасяліцца ў Англіі на наступны дзень пасля пераабрання Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Камедыянтка і тэлевядоўца расказала гледачам у горадзе Чэлтнэм у графстве Глостэршыр, што жыццё ў Вялікабрытаніі «проста лепшае».
Паводле Дэджэнэрэс, яны з жонкай Поршай дэ Росі разглядаюць магчымасць паўторнага шлюбу ў Англіі пасля таго, як улады ЗША распачалі шэраг крокаў для скасавання права на аднаполыя шлюбы; Амерыка, кажа яна, па-ранейшаму можа быць «страшным месцам для людзей, якія хочуць быць самімі сабой».
Яна таксама пракаментавала абвінавачанні ў таксічнай рабочай атмасферы ў яе ток-шоу, якое закрылася ў 2022 годзе, і прызнала, што магла быць вельмі рэзкай, але назвала публікацыі СМІ пра гэта клікбэйтам.
«Мы застаёмся тут»
Элен Дэджэнэрэс была адной з самых вядомых фігур на амерыканскім тэлебачанні цягам трох дзесяцігоддзяў дзякуючы свайму дзённаму ток-шоу, а таксама сіткаму 1990-х гадоў, вядзенню цырымоній «Оскар», «Грэмі» і «Эмі» і агучванню рыбкі Доры ў мультфільме «У пошуках Нэма».
Пасля таго як ток-шоу закрылі, вядоўца выправілася ў «апошняе турнэ» са сваім стэндап-шоу па ЗША ў 2024 годзе, а потым купіла дом у Котсуалдзе, гістарычным маляўнічым раёне на тэрыторыі графстваў Глостэршыр і Оксфардшыр.
У нядзелю ў тэатры Everyman у горадзе Чэлтнэм Дэджэнэрэс размаўляла з тэлевядоўцам Рычардам Бэйканам, які спытаў, ці праўда, што яна пераехала ў Брытанію праз Дональда Трампа. «Так», — адказала яна.
67-гадовая вядоўца прызналася, што яны з дэ Росі спачатку планавалі жыць у Вялікабрытаніі тры-чатыры месяцы ў годзе і купілі «дом для часовага пражывання».
«Мы прыехалі сюды за дзень да выбараў і прачнуліся ад мноства паведамленняў ад нашых сяброў са смайлікамі ў слязах, і я сказала: „Ён перамог“. Мы вырашылі: застаёмся тут».
У сацсетках Элен дзеліцца з падпісчыкамі фрагментамі свайго новага вясковага жыцця, публікуючы відэа з хатнімі жывёламі, у тым ліку авечкамі. Бо авечкі ўвесь час уцякалі, іх давялося прадаць.
«Тут проста выдатна, — кажа яна. — Мы проста не прывыклі бачыць такую прыгажосць. Вёскі, мястэчкі, архітэктура — усё, што вы бачыце, чароўнае, і жыццё тут прасцейшае».
«Тут чыста. Тут усё проста лепшае — тое, як абыходзяцца з жывёламі, якія ветлівыя людзі. Мне тут вельмі падабаецца».
«Мы пераехалі сюды ў лістападзе, і гэта не самы ідэальны час, але я ўпершыню ў жыцці ўбачыла снег. Порша прывезла сюды сваіх коней, у мяне ёсць куры, а авечкі былі ў нас прыкладна два тыдні».
«Быць геем у Галівудзе — па-ранейшаму праблема»
Падчас свайго стэндап-тура Дэджэнэрэс жартавала, што яе двойчы выгналі з шоу-бізнесу: першы раз — калі яна адкрыта заявіла пра сва. гомасэксуальнасць у 1997 годзе.
Гэта фактычна прывяло да закрыцця яе сіткама пасля таго, як рэкламадаўцы адмовіліся ад яго, а тэлеканал перастаў яго прасоўваць, расказала яна гледачам у Чэлтнэме.
Бэйкан спытаў, ці заахвоціла яна іншых людзей зрабіць камінг-аўт. «Я б сказала, што не, — кажа вядоўца. — Я ўявіла сабе, як людзі робяць камінг-аўт, як сурыкаты — высоўваюцца з нары, каб агледзецца і зноў шмыгнуць назад. Ну ладна, не».
Паводле яе, гэта «вельмі цяжкае рашэнне», якое даецца не ўсім, хоць у нейкім сэнсе сітуацыя палепшылася.
«Калі б сітуацыя была [лепшай], усе гэтыя акторы і акторкі, пра якіх я ведаю, што яны геі, прызналіся б у сваёй гомасэксуальнасці, але яны гэтага не робяць, бо гэта ўсё яшчэ праблема. Людзі ўсё яшчэ баяцца».
«Я б хацела, каб мы жылі ў свеце, дзе людзям не было страшна быць такімі, якія яны ёсць. Я б хацела, каб мы жылі ў грамадстве, дзе ўсе могуць прымаць іншых людзей і іх адрозненні», — сказала яна, адказваючы на пытанне з залы.
Паводле вядоўцы, маладое пакаленне больш гнуткае ў гэтым плане: «Таму я думаю, што маладое пакаленне пакажа нам шлях».
«Калі я просталінейная, ці значыць гэта, што я жорсткая?»
Пасля таго як некаторыя былыя супрацоўнікі ток-шоу Дэджэнэрэс абвінавацілі яе ў тым, што яна падтрымлівае таксічныя адносіны на працы, тэлезорка, якая заканчвала кожны эпізод шоу фразай «Будзьце дабрэйшымі адно да аднаго», у некаторых СМІ была названая «жорсткай».
Пасля скандалу трое прадзюсараў былі звольненыя праз абвінавачванні ў непрыстойных паводзінах і сэксуальных дамаганнях, а апошні сезон шоу пачаўся з таго, што Элен выбачылася ў жывым эфіры.
«Незалежна ад таго, што адбывалася, у кожным артыкуле гаварылася: „Яна жорсткая“. Я думала: як мне справіцца з гэтым, не выглядаючы пры гэтым ахвярай, не скардзячыся і не выклікаючы спагады? Усё проста: я просталінейны чалавек, я вельмі шчырая, і, напэўна, часам гэта азначае, што… я жорсткая?»
«Я не думаю, што магу сказаць нешта, што ўратуе мяне ад гэтай [рэпутацыі] або развее яе, што для мяне вельмі крыўдна. Мне гэта вельмі не падабаецца. Мне не падабаецца, што людзі думаюць, што я такая. Бо я ведаю, хто я, і я ведаю, што я спагадлівы, чулы чалавек».
Гэта быў кепскі спосаб скончыць шоу, прызнае яна. Дэджэнэрэс кажа, што вельмі сумуе па сваім шоу, але не думае, што такі фармат спрацаваў бы цяпер.
«Я б хацела, каб гэта зайшло, бо я б рабіла тое самае і тут, — кажа яна. — Я б з задавальненнем паўтарыла гэта, але мне здаецца, што цяпер людзі спажываюць кантэнт на сваіх тэлефонах і не надаюць тэлебачанню асаблівай увагі».
Вядоўца кажа, што не ведае, чым будзе займацца ў будучыні, але будзе вельмі старанна планаваць наступныя крокі.
«Я пакуль проста не ведаю, што гэта будзе, — сказала Дэджэнэрэс. — Я хачу забаўляцца, я хачу чымсьці займацца. Мне падабаюцца мае куры, але мне крыху сумна».