У пятніцу, 18 ліпеня, у тэлеграм-канале ГУБАЗіКа з’явілася і тут жа знікла паведамленне, у якім гаворка ішла, хутчэй за ўсё, пра праверку аднаго з беларусаў. Яго шукалі як мінімум па дзвюх базах — «Беспарадкі» і «Актывіст». Пра апошнюю да гэтага моманту нічога не было вядома. Расказваем, што нам удалося пра яе высветліць.

Перасланае паведамленне ад нейкага М-13 з’явілася ў тэлеграм-канале, звязаным з ГУБАЗіК, у пятніцу днём. У ім, мяркуючы з усяго, адказ пра «палітычную» праверку аднаго з беларусаў.
«Па хаджэннях пуста, інфармацыя ў БД „Актывіст“ адсутнічае, акрамя інфармацыі з БЕСаў за 11.08.2020 больш нічога няма. Фінансаванне адсутнічае, Каментароў няма»,-паведаміў М-13.

З паведамлення відаць, што сілавікі выкарыстоўваюць як мінімум дзве базы — «Беспарадкі» (у паведамленні сілавікі скарацілі назву да «БЕСы») і «Актывіст». І калі пра першую мы расказвалі, і не раз, то пра другую нічога не было вядома. Да гэтага дня.
«Актывіст» — удасканаленыя «Беспарадкі»
Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар кажа, што ў агульных рысах пра базу «Актывіст» арганізацыя ведала даволі даўно. Суразмоўца «Люстэрка» мяркуе, што яна з’явілася ў канцы 2021 года.
— Магу сказаць так: калі базы дадзеных МУС ламаліся ў 2021 годзе, яе яшчэ не было, — тлумачыць ён. — Значыць, можна з упэўненасцю казаць, што, хутчэй за ўсё, яна стала нейкім апгрэйдам.
Такое абнаўленне, са словаў прадстаўніка BELPOL, магло спатрэбіцца яшчэ і таму, што ў базе «Беспарадкі» было недастаткова інфармацыі.
— Умоўна, там былі адзначаныя: месца жыхарства, нейкія пашпартныя звесткі, звесткі пра затрыманне, штраф альбо «суткі», — кажа суразмоўца. — А «Актывіст» — ужо свайго роду сістэма кантрольна-накапляльных справаў.
Тлумачачы сутнасць гэтай сістэмы, Жыгар прыводзіць прыклад — наяўную ў МУС базу дадзеных службовай інфармацыі (БДСІ).
— Калі казаць простымі словамі, гэта база, якая сістэматызуе сакрэтную інфармацыю, што ідзе з усіх аператыўных падраздзяленняў МУС. Напрыклад, заводзячы справу аператыўнага ўліку, супрацоўнік скіроўвае ў яе запыт. І атрымлівае адказ, ці былі ў дачыненні да асобы, якая цікавіць, нейкія агентурна-аператыўныя справы, — тлумачыць ён. — Логіка «Актывіст «блізкая да гэтага. Калі «Беспарадкі» — база «па сітуацыі», то «Актывіст» — ужо больш сістэматызаваная. Яна ўключае ў сябе ўсю магчымую інфармацыю, якую збіраюць так званыя супрацоўнікі МУС у дачыненні да палітычна актыўных грамадзян Беларусі для далейшых рэпрэсій.

Прадстаўнік BELPOL адзначае, што ў базу ўносяць не толькі тых, каго затрымлівалі на пратэстах або на каго заведзеная крымінальная справа. Паводле яго, таксама ў «Актывіст» уключаюць тых, хто напісаў непахвальныя каментары, лайкнуў або рэпостнуў «экстрэмісцкі» кантэнт, данаціў розным ініцыятывам, быў у палітычных групах, ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў у 2020-м і г. д.
— Хутчэй за ўсё, «Актывіст» мае дачыненне больш да тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі, — мяркуе суразмоўца. — Ён адназначна ахоплівае тых, хто трапляў у поле зроку сілавікоў і дагэтуль у краіне.
Уладзімір Жыгар падкрэслівае, што гэтая база «назапашвальная», то-бок новыя звесткі ў яе дадаюць пастаянна.
— Калі нейкая інфармацыя з’яўляецца: дадатковае месца жыхарства, нумар тэлефона, рапарт пра тое, што быў заўважаны там і там, апублікаваў такі і такі пост, — усё сцякаецца туды, — апісвае ён.

Ці трапілі ў «Актывіст» усе тыя, хто ўжо знаходзіцца ў базе «Беспарадкі»? Суразмоўца «Люстэрка» лічыць, што, хутчэй за ўсё, так. Але, мяркуючы з паведамлення ў тэлеграм-канале, звязаным з ГУБАЗіК, сілавікі карыстаюцца імі абедзвюма. Паводле Уладзіміра Жыгара, відаць, адна з прычын у тым, што доступ да яе ёсць не ва ўсіх сілавых структур.
— Хутчэй за ўсё, ён ёсць толькі ў ГУБАЗіК. У той час як база «Беспарадкі» была ва ўсіх РАУС, — лічыць ён. — Ну і наўрад ці такая опцыя патрэбная КДБ. Пры неабходнасці ён можа даць запыт і атрымаць ад ГУБАЗіК адказ пра наяўнасць (адсутнасць) чалавека ў іх сістэмах.
Чытайце таксама