«Там, за ўзвышшам, ляжаў Вечны горад, над якім, быццам на карціне Босха, быў узняты вялізны бязлітасны нож. Там вырываліся з грудзей перадсмяротныя стогны, і па начных вуліцах, палохаючы гайні здзічэлых сабак, ішлі з завязанымі да вачэй тварамі манахі, што збіралі мерцвякоў і пакідалі на дзвярах новых і новых дамоў вялікую літару „Р“, першую літару жудаснага слова „pestis“ — „чума“», — так беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў апісваў сітуацыю ў Рыме ў сваёй аповесці «Час чумы». Слова «чума» асацыюецца ў нас са змрочнымі часамі Сярэднявечча, гушчынёй гарадскога насельніцтва, антысанітарыяй — і няздольнасцю медыцыны дапамагчы няшчасным. Але і сёння гэтае захворванне глабальна не пераможанае да канца, і да яго гіпатэтычнага з’яўлення многія краіны свету рыхтуюцца дагэтуль (Беларусь не выключэнне). Расказваем пра пандэмію чумы, якая аказалася самай смяротнай у вядомай гісторыі чалавецтва і знішчыла да траціны насельніцтва Еўропы.
Што такое чума?
Гэта інфекцыйнае захворванне, якое выклікае Yersinia pestis (чумная палачка) — бактэрыя, што перадаецца ад грызуноў да чалавека праз укус інфікаваных блох. Уласна, гэта пераважна хвароба грызуноў, якая існуе сярод іх пастаянна, але заражае толькі іх невялікую колькасць. Пры пэўных умовах адбываецца адначасовае заражэнне многіх жывёл. Калі яны гінуць, блохі з памерлых жывёл не знаходзяць іншых гаспадароў і пачынаюць заражаць людзей.
Калі блыха кусае грызуна ці чалавека, то бацылы чумы трапляюць у арганізм праз лімфатычную сістэму. Там яны выпрацоўваюць бялкі, якія не дапускаюць іх ператраўлівання макрафагамі, што змагаюцца з інфекцыяй (адна з форм лейкацытаў). І чалавек захворвае на чуму. Таксама заражэнне можа адбыцца праз непасрэдны кантакт з інфікаванымі тканкамі і паветрана-кропельным шляхам.

Існуе тры клінічныя формы чумы:
- бубонная — самая вядомая, на яе прыпадае каля трох чвэрцяў выпадкаў. У мінулым забівала палову заражаных (у той час як іншыя формы прыводзілі да амаль непазбежнай смерці), цяпер практычна ўсе хворыя выжываюць. Выяўляецца праз 2−6 дзён пасля заражэння: хвароба пачынаецца з дрыжыкаў, затым з’яўляюцца ваніты, галаўны боль, галавакружэнне, немагчымасць трываць святло, боль у спіне і канечнасцях, бессань, апатыя і нават дэлірый (трызненне, галюцынацыі). Вонкава праяўляецца ў бубонах (адсюль і назва) — павелічэнні аднаго або некалькіх лімфатычных вузлоў у пахвіне і падпахах. Ад чалавека да чалавека не перадаецца — толькі праз блох;
- лёгачная — пры ёй лёгкія шырока пашкоджваюцца бацыламі. Развіваецца пнеўманія з ліхаманкай, слабасцю і задышкай, потым хуткі ацёк лёгкіх. Без лячэння смерць надыходзіць праз 3−4 дні. Хворыя пакутуюць ад бессані, хісткай хады, парушэнняў маўлення і страты памяці. Бацыла перадаецца паветрана-кропельным шляхам падчас кашлю ці чхання;
- сэптычная — пры ёй крывацёк настолькі заражаны, што без лячэння смерць можа надысці раней, чым паспеюць праявіцца бубонная ці лёгачная формы. Характарызуецца стамляльнасцю, ліхаманкай і ўнутраным крывацёкам. Можа ўзнікнуць як ускладненне бубоннай чумы або развіцца непасрэдна пасля ўкусу заражанай блыхі.
Калі яна з’явілася?
З датаваннем з’яўлення чумы сітуацыя складанейшай. Магчыма, выраз «у няпомныя часы» ў гэтым выпадку абсалютна карэктны. Калі ў 2018 годзе група навукоўцаў даследавала пахаванне старажытных жыхароў Швецыі, што налічвала прыкладна 5100 гадоў, то ў зубах адной з нябожчыц — дзяўчыны прыкладна 20 гадоў — знайшліся фрагменты ДНК чумной палачкі. Трохі пазней сляды захворвання знайшлі там і ў касцях іншых памерлых.
Гэтыя заражэнні адбыліся да з’яўлення даступных нам гістарычных крыніц. Але нават з пісьмовымі сведчаннямі не ўсё проста. Напрыклад, рымляне называлі «чумой» любую заразную эпідэмічную хваробу. Што з апісаных імі эпідэмій сапраўды было чумой, а што — не, часам можна толькі гадаць.
Таму даводзіцца арыентавацца на дакументаваныя пандэміі чумы. З’яўленню першай папярэднічалі «загадкавыя» падзеі. У 536 годзе Еўропа, Блізкі Усход і частка Азіі на 18 месяцаў занурыліся ў цемру. «Бо сонца выпраменьвала святло нязыркае, падобнае да месяцовага, цягам усяго года», — пісаў візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі. Пазней высветлілася: рэч у тым, што ў пачатку 536 года ў Ісландыі адбылося вывяржэнне вулкана, якое выкінула попел па ўсім Паўночным паўшар'і. Тым летам тэмпература знізілася на 1,5−2,5°C, паклаўшы пачатак надзвычай халоднаму дзесяцігоддзю. Гібель ўраджаю ў многіх рэгіёнах выклікала голад. Потым адбыліся яшчэ два магутныя вывяржэнні — у 540 і 547 гадах.

А ў 541 годзе ў рымскім порце Пелузій (на тэрыторыі сучаснага Егіпта) пачалася першая пандэмія — вядомая як «Юстыніянава чума», паводле імені тагачаснага імператара Візантыі. Паводле ацэнак навукоўцаў, яна забрала ад 15 да 100 мільёнаў жыццяў — гэта 25−60% меркаванага насельніцтва былой Рымскай імперыі.
Усё гэта прывяло да эканамічнай стагнацыі ў Еўропе, што цягнулася да 640 года. Эпідэмія ж працягвалася ў Еўропе да 750-га. Лічыцца, што менавіта гэтыя падзеі паспрыялі завяршэнню антычнасці і пачатку Сярэднявечча.
Зрэшты, такі маштаб пандэміі прызнаюць не ўсе. У 2019 годзе група ізраільскіх навукоўцаў прыйшла да высновы, што яе наогул не магло быць. На іх думку, меркаваныя маштабы грунтуюцца на невялікім наборы тэкставых сведчанняў і не пацвярджаюцца аналізам папірусаў, пылку і іншымі дадзенымі. Яны лічаць, што карэктней казаць толькі пра асобныя ўспышкі захворвання. Але пакуль гэтая версія не стала агульнапрызнанай.
«Чорная смерць» — амаль без шанцаў на выратаванне
Другая і самая вядомая пандэмія чумы атрымала назву «Чорная смерць». Менавіта з ёй у першую чаргу асацыюецца гэтае захворванне. Адкуль такое змрочнае азначэнне? Пры лёгачнай форме чумы трупы хутка чарнелі і выглядалі «абвугленымі» — адсюль і «чорная смерць».
Пік гэтай пандэміі прыпаў на 1346−1353 гады, калі яна знішчыла ад чвэрці да траціны насельніцтва Еўропы — каля 25 мільёнаў чалавек. У некаторых рэгіёнах загінула ад дзвюх трацін да трох чвэрцяў жыхароў.
Адкуль хвароба з’явілася ў Еўропе? Паводле класічнай версіі, чума ўзнікла ў Кітаі і Цэнтральнай Азіі. У 1347 годзе падчас аблогі гандлёвага порта Кафа (сучасная Феадосія ў Крыме) чума пачала нішчыць татарскую армію, якая атакавала порт. Тады іх правадыр хан Джанібек загадаў закідваць заражаныя трупы праз крапасныя сцены ў горад з дапамогай катапульт. Пандэмія перакінулася на Кафу, а потым караблі ўцекачоў разнеслі яе па міжземнаморскіх партах, адкуль хвароба распаўсюдзілася па Еўропе.
Гэтае сведчанне пакінуў натарыус Габрыэль дэ Мюсэ. Але ён не ведаў, што на той час чума ўжо ахапіла Паўднёвую Еўропу і міжземнаморскае ўзбярэжжа. Ды і ў цэлым гэта занадта простае тлумачэнне складанага працэсу.

Паводле апошняй версіі, распаўсюд чумы адбываўся не за адзін раз, а рознымі шляхамі, у тым ліку праз гандаль пушнінай. На схеме вышэй навукоўцы паказалі сувязь паміж гандлёвымі шляхамі пушнога промыслу і распаўсюдам чумы на раннім этапе другой пандэміі. Белай лініяй пазначаныя гарады, стратэгічна размешчаныя ўздоўж гандлёвых шляхоў пушніны. Напрыклад, рускі Ноўгарад граў цэнтральную ролю ў экспарце мяхоў у нямецкія Гамбург і Любек. Аранжавым колерам паказаныя рэгіёны — сучасныя прыродныя ачагі чумы. Цямнейшы аранжавы колер пазначае рэгіён, які, на думку аўтараў схемы, стаў крыніцай сярэднявечнай пандэміі. Чырвоныя пункты — месцы выяўлення ўсіх вядомых старажытных геномаў чумы. Чорныя лініі — Шаўковы шлях, цёмна-сінія — марскія гандлёвыя шляхі.
З’яўленню «Чорнай смерці» папярэднічалі кліматычныя анамаліі: у адных рэгіёнах (напрыклад, па ўсёй Паўднёвай і Заходняй Еўропе) ішлі моцныя залевы, у Кітаі назіраліся спачатку засухі, потым таксама залевы. Важна, што яны выклікалі голад, які рыхтаваў глебу для распаўсюду пандэміі — як мы памятаем, аналагічнае адбывалася і падчас Юстыніянавай чумы. Дадатковым фактарам стала шчыльнасць гарадскога насельніцтва і жудасная антысанітарыя — напрыклад, існаваў звычай выкідваць увесь бруд проста на вуліцу. Такім чынам, Еўропа была асуджаная, а чакаць дапамогі не было адкуль.
«У сценах горада Фларэнцыя памерла, як запэўніваюць, больш за 100 тысяч чалавек, а між тым да гэтага мору ніхто, ужо дакладна, і падумаць не мог, што горад налічвае столькі жыхароў. Колькі ў нас апусцела раскошных палацаў, цудоўных дамоў, вытанчаных прыбудоваў, яшчэ так нядаўна там было поўна слуг, дамаў і кавалераў, і ўсе яны вымерлі, усе да апошняга фурмана! Колькі шляхетных родаў, багатых спадчын, велізарных капіталаў засталося без законных спадчыннікаў! Колькі моцных мужчын, прыгожых жанчын, якіх нават Гален, Гіпакрат і Эскулап прызналі б абсалютна здаровымі, раніцай снедала з роднымі, таварышамі і сябрамі, а ўвечары вячэрала са сваімі продкамі на тым свеце!» — адзначаў пісьменнік Джавані Бакача.
Арыстакратыя ўцякала з гарадоў у свае рэзідэнцыі (уласна, так і з’явіўся легендарны «Дэкамерон» Бакача — яго героі акурат беглі з Фларэнцыі). «Горад, што мусіў быць узорам пабожнасці, быў пакінуты свецкімі і духоўнымі саноўнікамі на вырак лёсу, і цяпер там заадно з чумою панавалі бязвер’е і ўсе чалавечыя заганы», — пісаў пра Рым Уладзімір Арлоў (ён апісваў эпідэмію 1520-х гадоў, але гэтыя ацэнкі цалкам дастасавальныя і да ранейшага перыяду). Ды і што яны маглі зрабіць, акрамя як ратаваць свае жыцці? Асаблівых шанцаў на лячэнне не было. Людзі таго часу проста не разумелі, як лячыць чуму. Напрыклад, спрабуючы дапамагчы людзям, у Венецыі ад яе памерлі амаль усе дактары.

Прапановы дактароў
У той час сустракаліся і разумныя прапановы. Напрыклад, у Венецыі ў 1348 годзе пабудавалі спецыяльныя дамы, дзе цягам сарака дзён утрымліваліся ўсе, хто прыехаў з ахопленых хваробай месцаў. Адсюль і пайшла назва каранцінаў (ад італьянскага «quarantena» або «quaranta giorni» — сорак дзён).
Адзін з дактароў ускрываў бубоны і прыпякаў адкрытыя раны распаленай качаргой. «Гэты прымітыўны спосаб „ачысткі“ арганізма сапраўды даваў вынік, калі чалавек не паміраў ад сардэчнага прыступу, не атрымліваў незваротнага шоку і траціў розум ад болю», — пісалі Аўтары «Нарысаў гісторыі чумы».
У якасці прафілактычнай меры дактары рэкамендавалі пакідаць зачумленую мясцовасць і «чысціць» паветра — вогнішчы палілі на плошчах, на вуліцах і нават у жытлах (напрыклад, на загад папы рымскага Мікалая V іх развялі ў яго палацы). На рускіх землях таксама даваліся распараджэнні «костры нарядити». Памяшканні абкурвалі смалістымі рэчывамі, раілі дыхаць парамі спальванай салетры ці пораху. Людзі абмываліся пахкімі сумесямі і насілі з сабой кветкі або духмяныя травы — як апісваў Бакача, яны «часта нюхалі іх, каб асвяжыць галаву, бо паветра было заражанае і прасякнутае пахам ад трупаў, ад хворых і ад зёлак».
Асаблівай праблемай былі «атручаныя памяшканні», дзе ад чумы памерлі людзі. Для іх «ачышчэння» ў вялікі пляскаты спод налівалі свежае малако і пакідалі на сярэдзіне заражанага пакоя, каб яно паглынула заражанае паветра. Невядомы лонданскі медык прапаноўваў класці на падлогу абраныя цыбуліны на 10 дзён — «цыбуля ўбярэ ў сябе ўсю інфекцыю», пасля чаго цыбуліны варта было глыбока закапаць у зямлю.
Метады лячэння здзяўлялі вынаходлівасцю і жорсткасцю. Да нарываў для адсмоктвання «чумнога яду» прыкладалі п’явак, высушаных жаб і яшчарак. У адкрытыя раны ўкладвалі свіное сала і алей. Даходзіла да таго, што ў яечкі ўтыкалі іголкі, а крывёю толькі што зарэзаных галубоў і шчанюкоў крапілі лбы, што гарэлі ў ліхаманцы. Дактары нават раілі насіць вакол шыі чалавечыя фекаліі ў ахоўным мяшочку.
Натуральна, гэтыя меры не ратавалі. Сярод загінулых былі не толькі простыя сяляне, але і манархі Арагона і Кастыліі (сучасныя часткі Іспаніі). Як пісаў Бакача, памерлы ад чумы чалавек «выклікаў столькі ж спачування, колькі здохлая каза».

У пошуках вінаватых людзі часта паддаваліся антысемітызму. Габрэяў абвінавачвалі ў наўмысным атручанні калодзежаў і распаўсюдзе чумы, што прыводзіла да жорсткіх пагромаў па ўсёй Еўропе. Цэлыя габрэйскія абшчыны зазналі знішчэнне — асабліва ў Германіі, Францыі і Швейцарыі. Была і яшчэ адна, не менш абсурдная, тэорыя: што чума выкліканая «атрутнымі міязмамі» — выпарэннямі, занесенымі «з усходніх краін» і «паглынутымі разам з паветрам». Гэтая тэорыя чумы панавала ў медыцыне стагоддзямі. Нават у 1768 годзе ў першым выданні Брытанскай энцыклапедыі яшчэ сцвярджалася, што ў чуме вінаватыя міязмы.
І ўсё ж, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці медыцыны таго часу, лекары заслугоўваюць прызнання за свае намаганні. Яны працавалі задоўга да з'яўлення мікробнай тэорыі і антыбіётыкаў, але змаглі распазнаць сімптомы і шляхі распаўсюджвання чумы, даючы людзям надзею ў эпоху пастаянных медыцынскіх крызісаў. Лячэннем і прафілактыкай чумы займаліся лекары з універсітэцкай адукацыяй, хірургі, цырульнікі, аптэкары, павітухі, траўнікі і святары. Многія чумныя доктары пісалі кароткія трактаты, каб падзяліцца ведамі з калегамі і адукаванай публікай. Іспанскі лекар Жакмэ д'Аграмон апублікаваў адзін з першых такіх трактатаў у красавіку 1348 года. Прафесар Джэнтыле да Фаліньё з Балоньі памёр ад чумы ў 1348 годзе пасля напісання некалькіх медыцынскіх прац на гэтую тэму.
Касцюм чумнога лекара
Чума і яе сярэднявечныя эпідэміі асацыююцца ў нас са злавеснай фігурай у доўгім плашчы і масцы з дзюбай. Аднак знакаміты касцюм чумнога лекара з’явіўся значна пазней за Сярэднявечча, праз тры стагоддзі пасля пачатку «Чорнай смерці».
Першае апісанне касцюма пакінуў прыдворны лекар французскага караля Шарль дэ Лорм у сярэдзіне XVII стагоддзя. Ён сцвярджаў, што падчас успышкі ў 1619 годзе ў Парыжы ён распрацаваў абароную экіпіроўку з мараканскай казінай скуры: боты, штаны, доўгі плашч, капялюш і рукавіцы. Галоўнай асаблівасцю была шчыльная маска з хрустальнымі акулярамі і доўгай дзюбай — каля 15 сантыметраў, напоўненай араматычнымі травамі для абароны ад «чумных міязмаў».

Самыя вядомыя выявы касцюма датуюцца 1656 годам — гэта сатырычныя гравюры, якія высмейваюць лекараў. Паулус Фюрст у працы «Доктар Дзюбач з Рыма» апісвае, як лекары толькі палохаюць хворых людзей і бяруць грошы з паміраючых. Менавіта Фюрст дадаў тэатральныя элементы — пазногцеподобныя рукавіцы і указальную палачку з пясочным гадзіннікам, якія не адпавядаюць гістарычнай рэальнасці.
Касцюм чумнога доктара стаў папулярным персанажам тэатраў і венецыянскага карнавала. Некаторыя гісторыкі лічаць, што дзюбаносы лекар першапачаткова быў вымышленым камедыйным персанажам, а тэатральная версія магла натхніць ужо сапраўдных лекараў. Большасць медыкаў Сярэднявечча і пазнейшых эпох такія касцюмы не насілі.
Сітуацыя на беларускіх землях
З чумой сутыкнуліся і нашыя продкі, якія жылі тады ў Вялікім Княстве Літоўскім — беларуска-літоўскай дзяржаве, якая ўзнікла ў сярэдзіне XIII стагоддзя. Праўда, магчыма, не ўсе.
На ўсход Еўропы чума прыйшла ў 1351 годзе. Хвароба пачала распаўсюджвацца з рускага Пскова, які актыўна гандляваў з Заходняй Еўропай. Як адзначаецца ў даследаванні «Гісторыя эпідэмій у Расіі», калі ў горадзе пачалі паміраць людзі, жыхары Пскова ў паніцы звярнуліся ў суседні Ноўгарад да арцыбіскупа Васілія. Той прыехаў, адслужыў малебен, блаславіў горад, але па дарозе дадому памёр. Наўгародцы зладзілі яму пышнае пахаванне — і неўзабаве чума з не меншай сілай лютавала ўжо ў гэтым горадзе.
Менавіта тады чума прыйшла і на сучасную тэрыторыю Беларусі. Якіх-кольвек падрабязнасцяў пра гэта ў даследаваннях мы не знайшлі. Аднак на карце, апублікаванай «Энцыклапедыяй Брытаніка», відаць, што захад краіны (разам з захадам Украіны і большай часткай сучаснай Польшчы) дзіўным чынам аказаліся не закранутыя.

Такія сітуацыі сапраўды мелі месца: чума магла «ўзяць штурмам» два гарады, а трэці, суседні, прапусціць. Але гэта не значыла, што яна не вернецца туды пазней. Акрамя таго, ёсць і іншыя карты (адна з іх ніжэй), згодна з якімі тэрыторыя сучаснай Беларусі пацярпела цалкам — і заходняя частка, і ўсходняя.

Пасля піку пандэміі чума рэгулярна вярталася ў ВКЛ. Голад і мор (які большасць навукоўцаў атаясамліваюць з чумой) абрынуліся на Княства ў 1365 годзе. У 1387-м суседні Смаленск (неўзабаве ён увойдзе ў склад ВКЛ) практычна вымер — выжылі толькі пяць чалавек. У 1424 годзе ў ВКЛ і Маскоўскім княстве пачаўся чарговы мор — настолькі сур’ёзны, што вялікі князь літоўскі Вітаўт і кароль польскі Ягайла на нейкі час пакінулі свае рэзідэнцыі і жылі ў лясах.
Праз сорак гадоў чума вярнулася зноў. Як пазней пісаў пра той час Мацей Стрыйкоўскі, тады «людзі, ходзячы, падчас ежы, седзячы, падчас сну ці паездкі раптам падалі заражанымі». Мяркуючы з апісання, гаворка ішла пра бубонную і лёгачную формы.
Чума кардынальна змяніла еўрапейскае грамадства. Рэзка скараціліся плошчы ворных земляў. Востры недахоп працоўных рук змусіў землеўладальнікаў адмовіцца ад працоўных павіннасцяў на карысць наёмнай працы ці грашовай рэнты. Заработная плата рамеснікаў і сялян прыкметна вырасла.
У грамадскай свядомасці ўкараніліся фаталізм і рэлігійны фанатызм. Распаўсюдзіліся рухі самабічавальнікаў, якія заклікалі да пакаяння перад тварам Божага гневу.
«На чале першай чацвёра манахаў-дамініканаў неслі вялізны чорны крыж са срэбным Хрыстом. За імі рухаўся збой людзей, якія раз-пораз хвасталі сябе па рамёнах вузлаватымі бізунамі. Аголеныя плечы мужчын спрэс былі ў свежых ранах і цёмных прыгоеных рубцах. Кроў выступала і на рыззі, якое прыкрывала маладыя і старыя жаночыя целы. У хвасце шэсця, што пакідала за сабою на пыльным бруку чырвоныя сляды, таксама брылі дамініканы ў карычневых сутанах.
Наўскос гэтай працэсіі сунулася другая, даўжэйшая. Заміж манахаў з укрыжаваннем тут ішлі наперадзе людзі, што вялі на ланцугу магутнага чорнага быка з крыва адпілаваным рогам. За быком тупала бязладная сціжма гараджанаў рознага веку і звання. Гусоўскі здагадаўся, што гэта паслядоўнікі грэка Дзімітрыя Спартакуса, наваяўленага прарока, які адрынуў Хрыста і разам з тысячамі гаротнікаў клаў паклоны быдлу. І гэта Рым, асяродак веры, са скрухаю думаў паэт».
Фрагмент аповесці Уладзіміра Арлова «Час чумы»
Новая пандэмія і шанец на выратаванне
Феномен другой пандэміі чумы заключаўся ў яе неймавернай працягласці — яна доўжылася аж да XIX стагоддзя. Але ўнутры гэтага перыяду здараліся прамежкі, калі змянялася некалькі пакаленняў, што не ведалі хваробы. Напрыклад, у Заходняй Еўропе такой перадышкай сталі гады паміж 1380-мі і 1440-мі. У асобных гарадах прагалы паміж эпідэміямі былі яшчэ даўжэйшыя. Так, паміж чумнымі ўспышкамі ў Маскве (1654 і 1771 гг.) прайшло цэлых 117 гадоў.

Аднак калі хвароба вярталася, колькасць ахвяр была па-ранейшаму вялікая. Напрыклад, «Вялікая чума» ў Лондане 1664−1666 гадоў забрала ад 75 да 100 тысяч жыццяў — пры насельніцтве горада каля 460 тысяч чалавек. Даніэль Дэфо, вядомы нам па «Рабінзоне Круза», прысвяціў гэтай падзеі кнігу «Дзённік чумнага года». Сам ён тады быў дзіцем (нарадзіўся ў 1660-м), але абапіраўся на дакументы і ўспаміны відавочцаў, якіх вакол яго было нямала.
«Іншыя, як я чуў, меркавалі, што заразу можна распазнаць, калі падыхаць на люстэрка: на ім дыханне згушчаецца, і можна ўбачыць у мікраскоп дзіўных, жахлівых, страхотных істот — драконаў, змей і д’яблаў, жудасных з выгляду. Але я вельмі сумняваюся ў праўдзівасці гэтага сцверджання, ды і не было ў нас у той час мікраскопаў, каб паставіць эксперымент», — пісаў Дэфо.
Успышкі чумы рэгулярна адбываліся і ў іншых краінах. У Вене ў 1679 годзе памерла як мінімум 76 тысяч чалавек, праз два гады Прага недалічылася 83 тысяч жыхароў, у 1720-м каля 40 тысяч страціў Марсэль.
У першай палове ХІХ стагоддзя чума паступова знікла з Еўропы — гэтаму спрыяў прагрэс медыцыны і паляпшэнне санітарных умоваў. Так завяршылася другая пандэмія. Але перадышка была нядоўгай.
Трэцяя пандэмія пачалася ў 1850-х гадах на паўднёвым захадзе Кітая, да 1894 года дасягнула Ганконга, а потым параходамі распаўсюдзілася па ўсім свеце. Да 1922 года яна забрала звыш 10 мільёнаў жыццяў.
Аднак выратаванне было блізкае. Менавіта ў 1894 годзе адкрылі чумную палачку — узбуджальнік хваробы. Гэта зрабілі незалежна адзін ад аднаго японец Кітасата Сібасабура і француз Аляксандр Ерсэн. У гонар апошняга бактэрыю і назвалі Yersinia pestis. Чуму пачалі лячыць з дапамогай антысывараткі. Праз некалькі дзесяцігоддзяў яе замянілі яшчэ больш эфектыўныя антыбіётыкі.
Высветліўшы, што інфекцыя перадаецца ў тым ліку праз укусы пацучыных блох, людзі разгарнулі барацьбу з грызунамі на марскіх судах і ў партах. Колькасць хворых пачала зніжацца з кожным дзесяцігоддзем.

У 2015−2024 гадах у свеце зафіксавалі 5880 выпадкаў чумы, з іх 582 скончыліся смерцю. Апошні вядомы выпадак у Кітаі датуецца 2023 годам, калі ад іншага пацыента заразіліся два чалавекі — мужчына і яго дачка. У 2024 годзе бубонную чуму выявілі ў жыхара амерыканскага штата Арэгон, які, як мяркуецца, заразіўся ад хатняга ката. У ЗША штогод рэгіструецца ў сярэднім сем выпадкаў захворвання, каля 80% з іх — бубонная форма. Большасць выпадкаў адбываецца ў сельскіх раёнах захаду і паўднёвага захаду краіны. Напрыклад, у 2012 годзе мясцовы жыхар заразіўся, калі выцягваў грызуна з пашчы ката, які ім падавіўся. Чалавек выжыў, але страціў пальцы на руках і нагах. А ў 2015 годзе падлетак з Каларада заразіўся падчас палявання. У цэлым жа за апошнія дзесяцігоддзі большасць выпадкаў захворвання чумой прыпадае на жыхароў сельскіх раёнаў Афрыкі, асабліва Мадагаскара і Конга.
Аднак цалкам знішчыць грызуноў у дзікай прыродзе немагчыма, таму хвароба будзе існаваць заўсёды. Але яе распаўсюд сярод людзей можна кантраляваць. І такія меры ёсць у большасці краін свету. Напрыклад, у Нацыянальным аэрапорце Мінск рэгулярна праходзяць вучэнні, на якіх медыкаў трэніруюць, як дзейнічаць пасля выяўлення такіх хворых. Міністэрства аховы здароўя Беларусі сцвярджае (праўда, без падрабязнасцяў), што былі выпадкі, калі ў краіну з-за мяжы маглі быць завезеныя вірусы чумы, а таксама халеры, ліхаманкі Эбола і гэтак далей, але ўсе іх удалося спыніць. Так што — у адрозненне ад нашых продкаў — што да чумнога пытання мы ў адноснай бяспецы.
Чытайце таксама


